Мерапрыемствы 2 красавіка 2024 года

Мерапрыемствы 2 красавіка 2024 года

“Шыр бязмежная на ўсход”

Літаратурна-музычны вечар да Дня яднання народаў Беларусі і Расіі, 225-годдзя А. С. Пушкіна і 210-годдзя М. Ю. Лермантава.

Даўно заўважана, што ніводны паэтычны талент не можа паўнавартасна развівацца ў культурным вакууме. Душа творцы гарманічна расце, калі ён удумліва асэнсоўвае культурную спадчыну як свайго народа, так і набыткі іншых. Не выключэнне і Якуб Колас. Калі ён стаў прызнаным майстрам паэтычнага слова, сцвярджаў: “Я воспитывался на поэзии Пушкина и Лермонтова. Напевность и лиричность их произведений близки мелодиям белорусского народного стиха”.

“Братняя дружба рускага і беларускага народаў непарыўна. Яркае сведчанне гэтаму – нязменная наша любоў да Пушкіна”, − пісаў Пясняр у артыкуле “Пушкін і наша культура” і называў А. С. Пушкіна геніем, непераўзыдзенным мастаком паэтычнага слова, творчасць якога надзвычай хвалявала яго душу з самага дзяцінства.

А ў 1937 г. дзякуючы Якубу Коласу голас А.С. Пушкіна загучаў па-беларуску, да 100-годдзя з дня смерці генія Якуб Колас пераклаў на родную мову знакамітую паэму «Палтава». Беларускі Пясняр адзначаў: “Калі б не было Пушкіна з яго «Анегіным», одай «Вольнасць» і «Пасланнем у Сібір», «Капітанскай дачкой» і казкамі,— не было б, напэўна, і маіх паэм «Новая зямля» і «Рыбакова хата», маёй лірыкі і прозы».

Пра глыбокую павагу аўтара “Новай зямлі” да творчасці М.Ю. Лермантава сведчыць выказванне паэта, зробленае ім на Другім Усесаюзным з’ездзе савецкіх пісьменнікаў:

“Конечно, Лермонтов остался бы одним из первых светил литературы, если бы покинул нам только “Героя нашего времени”. Но он за свою короткую жизнь написал гораздо больше, чем многие из нас за вдвое большую по продолжительности”. Зрэшты, Якуб Колас не толькі захапляўся творчасцю Лермантава. З-пад пяра беларускага песняра выйшаў і пераклад на беларускую мову яго класічнай паэмы “Дэман”.

На літаратурна-музычным вечары ў музеі Якуба Коласа 02.04.2024 года плануецца выступленне вядомых літаратараў і тэатральных дзеячаў, чытанне твораў А. С. Пушкіна і М. Ю. Лермантава як у арыгінале, так і ў перакладзе на беларускую мову. Музычным упрыгажэннем вечара стане чароўная музыка ў выкананні навучэнцаў Рэспубліканскай гімназіі-каледжа пры Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі..

Пачатак у 16.00.

Уваход вольны.

Міжнародны дзень дзіцячай кнігі

2 красавіка а 12 гадзіне распачнецца імпрэза, прысвечаная Міжнароднаму дню дзіцячай кнігі.

Чакаецца прэзентацыя новага выдання паэмы Якуба Коласа “Міхасёвы прыгоды”, якое выйшла ў Выдавецкім Доме “Звязда”, сустрэчы з унучкай Песняра Марыяй Міхайлаўнай Міцкевіч, бацьку якой – Міхасю Канстанцінавічу Міцкевічу – і прысвяціў свой твор бацька, а таксама з праўнучкай класіка галоўным захавальнікам фондаў музея Якуба Коласа Васілінай Валер’еўнай Міцкевіч. Пасля ўрачыстай часткі – інтэрактыўны занятак “Якуб Колас – міністр грыбной гаспадаркі” на сядзібе народнага паэта.

Праблемы развіцця дзіцячай літаратуры былі ў цэнтры ўвагі Якуба Коласа на працягу ўсяго яго творчага жыцця. І гэта невыпадкова, бо Колас скончыў настаўніцкую семінарыю і доўгі час працаваў настаўнікам. Малады настаўнік Канстанцін Міцкевіч прыкладаў нямала намаганняў, каб выклікаць у сялянскіх дзяцей цікавасць да чытання, любоў да літаратуры.
У 1935 годзе свет пабачыла дзіцячая паэма “Міхасёвы прыгоды”, яе часам называюць апавяданнем ў вершах. Прататыпам галоўнага героя кнігі стаў малодшы сын пісьменніка Міхась Канстанцінавіч Міцкевіч. Гарадскога хлопчыка Міхаську, які доўга хварэў у зімовы час, паслалі на ўсё лета ў вёску адпачыць і набрацца сіл. Тут і пачынаюцца розныя прыгоды, удачы і няўдачы. Кожны раздзел паэмы паэтычна раскрывае якую-небудзь новую карціну ці з'яву ў прыродзе. Выдатная якасць твора - яго прастата, маляўнічасць і непасрэднасць. Аб самых звычайных рэчах паэт умее так расказаць, што нібы нанава адкрывае перад намі цудоўны куточак роднай зямлі, сапраўднае хараство мілай нашаму сэрцу прыроды.

Паэма Якуба Коласа «Міхасёвы прыгоды» — гэта выдатны твор, які трывала ўвайшоў у скарбонку беларускай дзіцячай літаратуры. Праз сюжэт паэмы, дасціпныя, непасрэдныя вобразы герояў, добры гумар пісьменнік паказвае маленькаму чытачу багацце і непаўторнасць родных краявідаў, веліч і прыгажосць чалавека, каштоўнасць яго стваральнай працы. У выданні выкарыстаны арыгінальныя ілюстрацыі Анатоля Волкава, падрыхтаваныя ім для першага выдання твора 1935 года. На свяце 02.04.2024 адбудзецца сустрэча з яго сынам Сяргеем Анатольевічам.

Уваходны квіток – 3, 5 руб.

Сардэчна запрашаем!

Кантактны тэлефон: (017) 270 17 02

Адрас: г. Мінск, вул. Акадэмічная, 5

www.kolasmuseum.by; e-mail: info@kolasmuseum.by

194